Перайсці да зместу

Арабская культура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Стварэнне арабскіх дываноў у Алжыры, 1899 г.

Ара́бская культу́ра — сярэдневяковая культура, якая склалася ў Арабскім халіфаце ў VII—X стагоддзях у працэсе культурнага ўзаемадзеяння арабаў і заваяваных імі народаў. У навуковай літаратуры гэты тэрмін ужываецца як для абазначэння культуры ўласна арабскіх народаў, так і ў дачыненні да сярэдневяковай арабамоўнай культуры іншых народаў, што ўваходзілі ў Халіфат[1].

Гісторыя фарміравання

[правіць | правіць зыходнік]

Фарміраванне ўласна арабскай культуры адносіцца да перыяду ўзнікнення ісламу (VII стагоддзе) і стварэння Халіфата, які ў выніку арабскіх заваяванняў ператварыўся ў велізарную дзяржаву. Заснаваная арабамі дзяржаўна-палітычная супольнасць, дапоўненая рэлігійнай, а ў большасці раёнаў і моўнай супольнасцю, стварыла ўмовы для ўзнікнення агульных форм культурнага жыцця. У VIII—IX стагоддзях на арабскую мову было перакладзена шмат навуковых і літаратурных помнікаў старажытнасці (сірыйскіх, сярэднеперсідскіх, індыйскіх), якія ў перакладах і апрацоўках увайшлі ў арабскае пісьменства і спрыялі пераемнай сувязі з культурай эліністычнага свету, а праз яе — з антычнай і старажытнаўсходнімі цывілізацыямі[1].

Халіфат Абасідаў на піку магутнасці ў VIII стагоддзі

Галоўнымі цэнтрамі фарміравання арабскай культуры ў канцы VII — сярэдзіне VIII стагоддзя адначасова з Дамаскам, сталіцай Амеядаў, былі Мека і Медзіна ў Аравіі, Куфа і Басра ў Іраку. Адсюль арабская культура распаўсюдзілася і далей развівалася ў правінцыях Амеядскага халіфата, на велізарнай тэрыторыі ад Пірэнеяў да ракі Інд. З утварэннем Халіфата Абасідаў (750) цэнтр арабскай культуры перамясціўся з Сірыі ў Ірак, у заснаваны ў 762 годзе Багдад[1].

У IX—X стагоддзях арабская культура дасягнула найвышэйшага росквіту. Яе здабыткі ўзбагацілі сусветную культуру; найбольш значнымі яны былі ў філасофіі, медыцыне, матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, філалогіі, гісторыі, хіміі, мінералогіі, у сферы матэрыяльнай культуры і мастацтва (архітэктура, мастацкія рамёствы). Распад халіфата Абасідаў і ўтварэнне на яго тэрыторыі самастойных дзяржаў прывялі да змяншэння ролі арабскай культуры ў свеце[1].

У мусульманскай Іспаніі, якая аддзялілася ад Халіфата яшчэ ў VIII стагоддзі, пачала развівацца самастойная, так званая араба-іспанская культура. Ва ўсходніх правінцыях Халіфата з канца IX стагоддзя фарміравалася асяроддзе іранскага культурнага і нацыянальнага адраджэння. Персідская мова выцясняла арабскую, якая заставалася ў асноўным мовай Карана, тэалогіі, філасофіі і некаторых прыродазнаўчых навук. Цэнтры арабскай культуры перамясціліся ў Егіпет і Іспанію. Да канца X стагоддзя Багдад саступіў першынство Каіру. У Паўночнай Афрыцы пры Фацімідах (X—XII стст.) і Айюбідах (XII—XIII стст.) працягвалася развіццё лепшых традыцый арабскай культуры. Значэнне культуры VIII—X стагоддзяў абумоўлена адкрыццём яе стваральнікамі новых сродкаў навуковага, рэлігійна-філасофскага і мастацкага пазнання свету і чалавека. Хоць традыцыі не перарываліся, у творчасці дзеячаў з 2-й паловы XIII стагоддзя запанаваў эпігонскі кірунак, назіралася адставанне ад тэмпаў культурнага прагрэсу ў іншых краінах мусульманскага Усходу і Еўропы[1].

Бліскучы росквіт перажыла араба-іспанская цывілізацыя ў X—XV стагоддзях. У яе цэнтрах (Кордава, Андалусія, Севілья, Малага, Гранада) найбольшыя поспехі былі дасягнуты ў астраноміі, матэматыцы, хіміі, медыцыне, філасофіі. Літаратурныя творы гэтага перыяду — лепшыя помнікі арабскай культуры. Сусветную вядомасць набылі іспана-маўрытанскае дойлідства і прыкладное мастацтва (гл. Маўрытанскі стыль). У XVI стагоддзі, калі арабскія краіны ператварыліся ў правінцыі Асманскай імперыі, арабская культура прыйшла ў заняпад[1].

Дакладныя і прыродазнаўчыя навукі

[правіць | правіць зыходнік]

Матэматычныя і астранамічныя веды арабаў фарміраваліся пад уплывам старажытнагрэчаскай навукі і ў сувязі з развіццём яе ў народаў Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, Індыі, Персіі і Егіпта. Навуковыя працы Эўкліда, Архімеда, Пталамея сталі вядомыя ў Заходняй Еўропе дзякуючы арабскім перакладам. Уяўленне аб шарападобнасці Зямлі дало магчымасць арабскім вучоным правесці вымярэнні дугі зямнога мерыдыяна (827). Яны ўнеслі папраўкі і дапаўненні ў астранамічныя табліцы, далі назвы многім зоркам (напрыклад, Альдэбаран, Міцар, Працыён і іншыя)[1].

Выкарыстоўваючы індыйскія лічбы (дзесяць матэматычных знакаў), арабскія вучоныя пачалі праводзіць вылічэнні з вялікімі лікамі. У X стагоддзі гэтыя лічбы сталі вядомыя ў Еўропе і атрымалі назву арабскіх. Арабскія матэматыкі ўвялі паняцце «алгебра» (М. Харэзмі), трыганаметрычныя функцыі, устанавілі залежнасці паміж імі, зрабілі шэраг адкрыццяў у геаметрыі і астраноміі. У Багдадзе, Самаркандзе і Дамаску існавалі астранамічныя абсерваторыі[1].

Анатомія чалавека паводле «Канона медыцыны» Ібн Сіны.

Значны ўклад зрабілі арабы і ў развіццё медыцыны. Ібн аль-Байтар апісаў больш за 2600 лекавых прэпаратаў, лекавых і іншых раслін. «Канон медыцыны» Ібн Сіны (Авіцэны) стаў настольнай кнігай заходнееўрапейскіх медыкаў. Шэраг адкрыццяў у фармакалагічнай хіміі зрабіў алхімік Джабір ібн Хаян (VIII ст.)[1].

Арабская геаграфічная літаратура не мела сабе роўных па змястоўнасці і разнастайнасці жанраў. У ёй захавалася апісанне ўсяго мусульманскага Усходу, краін Еўропы, Паўночнай і Цэнтральнай Афрыкі, узбярэжжа Усходняй Афрыкі і Азіі (да Карэйскага паўвострава), Малайскага архіпелага. Працы арабскіх географаў і падарожнікаў з’яўляюцца найважнейшымі, часам унікальнымі сведчаннямі аб народах Сярэднявечча. Геаграфічны светапогляд даісламскіх арабаў адлюстраваны ў старажытнай паэзіі і Каране[1].

Арабская карта (перавернутая) XII стагоддзя, створаная Мухамадам аль-Ідрысі.

Арабская навуковая геаграфія ўзнікла на мяжы VIII—IX стагоддзяў, калі з’явіліся пераклады і апрацоўкі астранома-геаграфічных прац антычных аўтараў, асабліва Пталамея. Вучоныя (Аль-Батані, М. Харэзмі і асабліва Біруні) выкарыстоўвалі разліковыя правілы і табліцы сферычнай астраноміі. Іх карты паўтаралі карты Пталамея або нагадвалі старажытнаіранскія. У IX стагоддзі імі была створана апісальная геаграфія (Ібн Хардадбех, Кудама ібн Джафар, Аль-Якубі), якая развівалася і ў X—XIV стагоддзях (запіскі Ібн Фадлана і Абу Дулафа, дыярыушы Абу Хаміда аль-Гарнаці, Ібн Джубайра і Ібн Батуты, апісанні падарожжа ў Расію Макарыя Антыяхійскага і іншыя)[1].

Росквіт арабскай геаграфічнай літаратуры прыпадае на X стагоддзе, калі ў працах вучоных класічнай школы (Аль-Істахры, Ібн Хаукаль, Аль-Мукадасі), прысвечаных апісанню гандлёвых шляхоў і мусульманскага свету, змяшчаўся багаты геаграфічны і гісторыка-культурны матэрыял. У XI—XIV стагоддзях узніклі жанры геаграфічных слоўнікаў (аль-Казвіні, Якут, Аль-Бакры) і касмаграфіі (працы аль-Казвіні, Аль-Дзімашкі, Абу-ль-Фіды). У Еўропе найбольш вядомыя былі працы Аль-Ідрысі (1100—1165 ці 1161), творы якога з 70 картамі (дзе пазначана і рака Прыпяць) лічацца лепшым геаграфічным трактатам Сярэднявечча[1].

У далейшым развіццё геаграфіі ішло па шляху стварэння шматлікіх кампіляцый (творы Аль-Макрызі). Геаграфічныя раздзелы ў творах Ан-Нувайры, Аль-Умары, Аль-Калкашандзі, Ібн Маджыда (лоцман Васка да Гамы, XV ст.) і аль-Мехры (XVI ст.) абагульнілі тэорыю і практыку мараплавання[1].

Працяглы час арабская філасофія была цесна звязана з тлумачэннем ісламу. На мяжы VII—VIII стагоддзяў у яе асяроддзі вяліся дыскусіі пра сутнасць і атрыбуты Бога, абсалютную прадвызначанасць свету, свабоду чалавека ў ім, паходжанне Карана і іншае, што прывяло да ўзнікнення мусульманскай рацыяналістычнай тэалогіі — калама[1].

Асноўныя школы і кірункі

[правіць | правіць зыходнік]

У межах калама вылучылася школа мутазілітаў (заснавальнік Васіль ібн Ата, тэарэтыкі аль-Алаф, ан-Назам, аль-Джахіз). Яе прадстаўнікі арыентаваліся на традыцыі Арыстоцеля і неаплатонікаў, сцвярджалі прыярытэт веры над розумам, спрадвечнасць Карана, праводзілі ідэі монатэізму[1].

Рэакцыяй на мутазілізм стала ханбаліцкая школа (заснавальнік Ахмад ібн Ханбала) прыхільнікаў суніцкага традыцыяналізму, якія заклікалі арыентавацца на лад жыцця прарока Мухамеда і яго «праведных продкаў», выступалі супраць новаўвядзенняў у веравучэнні і праве. На пачатку X стагоддзя прадстаўнікі новага кірунку каламу — ашарызму (заснавальнік Абу-Хасан аль-Ашары) зрабілі спробу кампрамісу з вучэннем традыцыяналістаў-дагматыкаў[1].

Другой формай апазіцыі артадоксам і прыхільнікам рацыяналізму стаў містыка-аскетычны кірунак у ісламе — суфізм. Злучыць ісламскі традыцыяналізм з суфійскімі ідэаламі імкнуліся Абу-Хамід аль-Газалі (1058—1111) і Ібн Арабі (1163—1240). У гэты ж перыяд распрацоўвалася і рэлігійна-філасофская сістэма шыізму[1].

Усходні перыпатэтызм

[правіць | правіць зыходнік]

Жаданне навукова абгрунтаваць ісламскую тэалогію абумовіла цікавасць да антычнай філасофскай спадчыны. Асновай арабскай філасофіі стаў «неаплатанізаваны» арыстоцелізм — усходні перыпатэтызм. Ідэі ўсходняга перыпатэтызму развіты ў творах Фарабі і Ібн Сіны. Тайнае рэлігійна-філасофскае таварыства «Браты чысціні» (2-я палова X стагоддзя) імкнулася спалучыць іслам з эліністычнай філасофіяй[1].

Заходне-арабская філасофія

[правіць | правіць зыходнік]

У XII стагоддзі цэнтр арабскай філасофіі перамясціўся ў мусульманскую Іспанію і Паўночную Афрыку. Заснавальнікам заходне-арабскай філасофіі лічыцца сарагоскі філосаф Ібн Бадж (каля 1070—1138). Яго рацыяналістычную лінію працягваў Ібн Туфайль (1110—1185)[1].

Вяршыні заходне-арабская філасофія дасягнула ў вучэнні Ібн Рушда, які лічыў, што бессмяротны толькі агульны чалавечы розум у яго гістарычным развіцці. Заснавальнікам філасофіі гісторыі і арыгінальнай сацыялагічнай тэорыі быў Ібн Хальдун[1].

Арабская філасофія аказала значны ўплыў на еўрапейскую філасофію і сусветную духоўную культуру[1].

Гістарычная навука

[правіць | правіць зыходнік]

Арабская гістарыяграфія як самастойная дысцыпліна вылучылася на мяжы VIII—IX стагоддзяў. Першыя запісы гістарычнага зместу адносяцца да канца VII стагоддзя. Матэрыялам для ранніх помнікаў гістарычнай літаратуры на арабскай мове служылі гісторыка-генеалагічныя паданні арабскіх плямёнаў, напаўлегендарныя паведамленні пра даісламскія дзяржавы ў Паўднёвай Аравіі і пра арабскія княствы ў Сірыі і Іраку, а таксама рэлігійна-гістарычныя паданні пра ўзнікненне і пашырэнне ісламу. Значную ролю адыгралі астранамічныя веды (устанаўленне храналогіі сусветнай гісторыі), іранскія гісторыка-эпічныя і іўдзейска-хрысціянскія паданні[1].

Ідэю дыдактычнай каштоўнасці гісторыі, прынятую большасцю мусульманскіх гісторыкаў, найбольш дакладна сфармуляваў Ібн Міскавайх. Спробу выкладаць гістарычныя падзеі ў іх прычыннай сувязі зрабіў Ібн Хальдун, распрацаваўшы арыгінальнае вучэнне пра агульныя законы развіцця грамадства[1].

Асноўныя этапы і прадстаўнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Найбуйнейшым прадстаўніком ранняга перыяду арабскай гістарыяграфіі з’яўляецца Мухамед аз-Зухры (памёр у 741 ці 742). Першы вялікі гістарычны твор на арабскай мове (гісторыя старажытных прарокаў і жыццяпіс Мухамеда) стварыў Ібн Ісхак (каля 704—768 ці 767). Значныя працы пакінулі Аль-Вакідзі (747—823), Ібн Сад (памёр у 845) і іншыя. Гісторыкі VIII—IX стагоддзяў прысвячалі свае творы арабскім заваяванням, грамадзянскім войнам у Халіфаце VII — пачатку VIII стагоддзя[1].

Цэнтрам арабскай гістарыяграфіі доўгі час быў Ірак. Найбольш значныя працы па ўсеагульнай гісторыі пакінулі Аль-Белазуры (каля 820 — каля 892), Абу Ханіфа ад-Дынаверы (памёр каля 895), Аль-Якубі, Ат-Табары (832 ці 839—923, аўтар шматтомнай «Гісторыі прарокаў і цароў»), Аль-Масудзі (памёр у 956 ці 957), Хамза аль-Ісфахані (памёр у 2-й палове X стагоддзя) і іншыя. Гісторыкі IX—X стагоддзяў вылучаліся энцыклапедычнасцю ведаў (Якубі і Масудзі)[1].

Рэгіянальнае развіццё

[правіць | правіць зыходнік]

З 2-й паловы X стагоддзя ў гістарыяграфіі пераважалі дынастыйныя і мясцовыя хронікі[1]:

  • У гістарычнай энцыклапедыі еменскага гісторыка Аль-Хамдані (памёр у 2-й палове X стагоддзя) сабраны звесткі па генеалогіі, гісторыі, археалогіі, геаграфіі і літаратуры Паўднёвай Аравіі.
  • У XII—XIII стагоддзях дынастыйная гісторыя найбольш развіта ў Сірыі, дзе створана ўсеагульная гісторыя Абу-ль-Фіды (1273—1331).
  • У XV—XVI стагоддзях вядучае месца занялі егіпецкія гісторыкі (працы па гісторыі мамлюкаў, гістарычныя энцыклапедыі і ўсеагульныя хронікі), асабліва плеяда гісторыкаў-палігістараў (Аль-Макрызі, 1364—1442), якія пакінулі шматтомныя працы па палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і культурнай гісторыі Егіпта[1].

Значнае месца займала біяграфічная літаратура: біяграфічныя слоўнікі Якута, Ібн Халікана, зборы біяграфій дзеячаў навукі і іншыя[1].

Вытокі арабскай літаратуры ляжаць у вуснай народнай паэзіі вандроўных плямёнаў даісламскага перыяду. У дакласавым грамадстве склаліся асноўныя паэтычныя жанры: ганьбаванне ворага (хіджа), пахвальба (фахр), песня помсты (сар), жалобнае галашэнне (рыса). Росквіт даісламскай паэзіі, узоры якой захаваліся ў пазнейшых анталогіях (напрыклад, «Кніга песень»), звязаны з імёнамі Імру-уль-Кайса, Антары ібн Шадада, Зухайра і іншых. Першым і найважнейшым помнікам пісьменства і прозы стаў Каран[1].

Кніжная ілюстрацыя XIII стагоддзя (арабскі пераклад «Materia Medica»)

З канца VII стагоддзя ў буйных гарадах Халіфата пачалося адраджэнне свецкай паэзіі, узнікла любоўная лірыка (Амар ібн Абі Рабія) і рамантычныя паданні пра закаханых (пра Лэйлі і Меджнуна). Пры Абасідах літаратура зведала значны ўплыў персідскай культуры. Паэты «новага стылю» (Башар ібн Бурд, Абу Нувас, Абу-ль-Атахія) адышлі ад бедуінскіх традыцый. У X стагоддзі росквіту дасягнула філасофская лірыка (Аль-Мутанабі, Аль-Маары). У прозе развіваліся розныя жанры, у тым ліку арыгінальная авантурная навела — макама, стваральнікам якой лічыцца Бадзі аз-Заман аль-Хамадані[1].

Асобны росквіт перажыла арабская літаратура ў Магрыбе і мусульманскай Іспаніі (XI—XII стст.), дзе сцвердзіўся ідэал асвечанага рыцара і пашырыліся новыя страфічныя формы верша — мувашах і заджал[1].

У познім Сярэднявеччы (XIII—XV стст.) цэнтр літаратурнага жыцця перамясціўся ў Егіпет і Сірыю. У гэты перыяд з’явіліся народныя творы ў жанры сіра — цыклы вусных апавяданняў на гераічныя і любоўныя тэмы. Менавіта ў Егіпце ў XIV—XV стагоддзях канчаткова сфарміраваўся знакаміты збор казак «Тысяча і адна ноч»[1].

Арабская архітэктура ўвабрала ў сябе традыцыі Рыма, Візантыі і сасанідскага Ірана. Арабскія архітэктары стварылі новыя тыпы і комплексы будынкаў: мячэці з мінарэтамі, маўзалеі-«дзюрбэ», медрэсэ, караван-сараі, палацы правіцеляў і іншыя. Яны пашырылі выкарыстанне купальных канструкцый і арнаментыкі[1].

Панарамны від мячэці Амеядаў у Дамаску.

Сярод выдатных архітэктурных помнікаў вылучаюцца Мячэць Амеядаў у Дамаску і Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме (687—691), палацавыя комплексы ў Мшаце, Кусейр-Амра (абодва VIII ст., Іарданія). У перыяд праўлення Абасідаў у Самары была пабудавана мячэць Мутавакіля (IX ст.) з конусным спіральным мінарэтам аль-Мальвія[1].

Сярод выдатных помнікаў арабскага дойлідства ў Каіры — Мячэць Ібн Тулуна (876—879), Аль-Азхар (969—972), ансамблі султанаў Калаўна (1284—1285) і Хасана (1356—1363). Своеасаблівая, так званая маўрытанская, архітэктура склалася ў Іспаніі (Вялікая мячэць у Кордаве, VIII—IX стст.; палацавы комплекс Альгамбра ў Гранадзе, XIII—XIV стст.)[1].

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва

[правіць | правіць зыходнік]

Выяўленчае мастацтва развівалася пераважна ў насценных размалёўках, архітэктурнай пластыцы, разьбе і мініяцюры (Егіпет X—XI стст., багдадская школа мініяцюры XIII—XIV стст.)[1].

Арнаментальны надпіс у магрыбскім стылі ў Фесе (Марока).

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва вызначалася высокай дэкаратыўнасцю. Складанымі арнаментальнымі кампазіцыямі ўпрыгожвалі кнігі (напрыклад, «Макамы» Аль-Харыры, XI ст.). Арабы стварылі і распаўсюдзілі арабескі і эпіграфічны арнамент — каліграфічна выкананыя надпісы. Шырока вядомыя вырабы мастацкіх рамёстваў: кераміка і шкло Сірыі, Ірака, Егіпта, дамаская зброя, маўрытанская кераміка, мастацкая бронза (ліццё і чаканка), разьба па дрэве і камені, дэкаратыўныя шаўковыя і парчовыя тканіны[1].

Канун — інструмент, шырока распаўсюджаны ў арабскай музыцы.

У музыцы развіваліся старадаўнія песенныя жанры: хіда (караванныя песні), хіджа (сатырычная песня) і іншыя. Існавалі арабскія прафесійныя спевакі-паэты (шаіры)[1].

Сярод традыцыйных інструментаў выкарыстоўваліся[1]:

З VII стагоддзя развівалася класічная арабская музыка (пераважна вакальная) і музычная навука, прадстаўленая трактатамі Аль-Кіндзі, Аль-Фарабі, Ібн Сіны, Сафі ад-Дзіна, аль-Ісфахані[1].

  • С. Ф. Дубянецкі. Арабская культура // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 444. — 552 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
  • История философии в кратком изложении (руск.). М., 1991. — С. 342—349.
  • Веймарн Б., Каптерева Т., Подольский А. Искусство арабских народов (руск.). М., 1960.
  • Еолян И. Очерки арабской музыки (руск.). М., 1977.