Перайсці да зместу

Цвярское княства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Вялікае княства Цвярское
< 
 >
1247  1485
Сталіца Цвер
Мова(ы) агульнаўсходнеславянская мова
Афіцыйная мова агульнаўсходнеславянская мова
Рэлігія праваслаўе
Форма кіравання манархія
Гісторыя
  1247 Княства
  1382 Вялікае княства
  1485 Страта незалежнасці
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Цвярское княства, Вялікае княства Цвярское — феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе ў ХІІІ—XV стагоддзях.

Цвер як горад паўстала ў ХІІ стагоддзі на землях смаленскіх крывічоў і належала Ноўгараду, у 1209 годзе перайшла да Уладзіміра-Суздальскага княства. На пачатку ХІІІ ст. Цвер у складзе Пераяслаў-Залескага княства. Пасля разгрому Уладзіміра-Суздальскай зямлі мангола-татарамі і падзелу спадчыны загінулага ў Ардзе вялікага князя Яраслава Усеваладавіча, у 1247 годзе Цвер як удзел атрымаў князь Яраслаў Яраславіч, родны брат вялікага князя ўладзімірскага Аляксандра Яраславіча. У 1264 годзе Яраслаў Яраславіч стаў вялікім князем уладзімірскім. У 1265 годзе ў Цвяры заснавана епіскапская кафедра, якую ўзначаліў былы полацкі епіскап Сімяон. Другім цвярскім епіскапам у 1289—1316 гадах быў Андрэй, сын літоўскага князя Гердзеня. Заснаванне асобнага Цвярскога епіскапства і адносна нязначнае спусташэнне гэтых зямель мангола-татарскім нашэсцем спрыялі ўзвышэнню Цвяры.

У 1285 годзе цвярскім князем Міхаілам Яраславічам, яго маці княгіняй Аксінняй і епіскапам Сімяонам закладзены каменны кафедральны Спаскі сабор, асвечаны ў 1290 годзе, першая каменная царква паўночна-ўсходняй Русі пасля мангола-татарскага спусташэння. Яшчэ адну каменную царкву пачалі будаваць цвяране ў 1323 годзе ў Фёдараўскім манастыры. У XIV ст. у Цвяры на беразе Волгі вядома яшчэ адна каменная царква — Міхаіла Арханёла. У 1369 годзе князь Міхаіл Аляксандравіч пабудаваў у Цвяры новы драўляны крэмль, а ў 1372 годзе ўзвёў вакол горада земляны вал. У Цвяры вяліся ўласныя летапісы, некаторыя дайшлі да нашых дзён (напрыклад «Хроніка Георгія Амартола»).

Цвярское княства вяло барацьбу з Маскоўскім княствам за вялікае ўладзімірскае княжанне і за палітычную гегемонію на Русі, часта атрымлівала падтрымку Вялікага Княства Літоўскага, але, перыядычна, ваявала і з ім (1285 і іншыя гады). Найперш з Вялікім Княствам Літоўскім ішла барацьба за кантроль над раёнам Ржэвы на Верхняй Волзе, у гэтым рэгіёне да сярэдзіны XX ст. захоўваліся беларускія гаворкі і этнаграфічныя прыкметы (гл. тудаўляне).

Вядомыя цвярскія буйныя гарады — Кашын, Ксняцін, Зубцоў, Старыца (дзе здабывалі белы камень для будаўніцтва), Холм, Мікулін і Дарагабуж.

Тытул «вялікіх» канчаткова замацаваўся за цвярскімі князямі ў сярэдзіне XIV стагоддзя, абвастрылася іх змаганне з князямі маскоўскімі. Тым часам Цвер наладзіла адносіны з Вялікім Княствам Літоўскім. У 1320 годзе дачка Гедзіміна Марыя выйшла замуж за цвярскога князя Міхаіла, а неўзабаве дачка Кейстута выйшла за князя Івана Міхайлавіча. У змаганні з цвярскімі князямі маскоўскія абапіраліся на Арду. У 1327 годзе ў Цвяры адбылося супрацьардынскае выступленне, у горадзе забілі татарскага пасланніка і знішчылі яго атрад. Хан даручыў маскоўскаму князю Івану Каліце пакараць цвяран. Урэшце, Іван Каліта ў 1328 годзе атрымаў тытул вялікага князя ўладзімірскага, што спрыяла ўзвышэнню Маскоўскага княства.

Асабліва цесныя адносіны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Цверру былі пры вялікім князю літоўскім Альгердзе. Цвер паступова аднаўляла свае пазіцыі, працягвала змагацца з Масквой, у т.л. з дапамогай Альгерда, які ў 1347 годзе другім шлюбам ажаніўся з цвярской княжной Юльянай. У лістападзе 1368 годзе Альгерд падтрымаў цвяран, пайшоў на Маскву, аблажыў, але ўрэшце толькі ўзяў з яе выкуп. Апроч Альгерда, з цвярской княжной быў жанаты Свідрыгайла, а цвярскія князі — з дочкамі Уладзіміра Альгердавіча, Сямёна Алелькавіча.

У 1370 годзе маскоўскі князь Дзмітрый зноў нападае на Цвер. Альгерд другім разам ідзе на Маскву і бярэ яе ў аблогу 6 снежня 1370 года. Тым часам цвярскі князь атрымаў у Ардзе ярлык на вялікае ўладзімірскае княжанне. У 1372 годзе войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з Вітаўтам і Кейстутам зноў уварваліся ў Маскоўскае княства, каб падтрымаць цвярскога саюзніка. У 1375 годзе маскоўскі князь Дзмітрый арганізаваў паход на Цвер, мабілізаваўшы войскі 19 удзельных князёў. Аблога Цвяры доўжылася 5 тыдняў, горад трымаўся, але масквічы спусташалі цвярскія землі, урэшце цвярскі князь Міхаіл прапанаваў замірыцца. У выніку серыі войнаў (1368—1372) частковую самастойнасць Цвяры ўдалося адстаяць, нягледзячы на цяжкае паражэнне ад Масквы ў 1375 годзе.

У 1385 годзе цвярскі князь Васіль Міхайлавіч ажаніўся з дачкой кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча і сувязі з дынастыяй Гедзімінавічаў такім чынам узмацніліся. Гэтаму спрыяла і тое, што сын вялікага князя Альгерда і цвярской княжны Ягайла ў 1386 годзе стаў польскім каралём. У 1406 годзе аднак Цвер выступала на баку Масквы ў канфлікце за Ноўгарад і Пскоў.

Росквіт эканомікі і культуры Цвярской дзяржавы прыпаў на першыя дзве трэці XV ст., калі ў Маскве ішлі доўгія дынастычныя войны. У пачатку XV ст. цвярскі князь Іван Міхайлавіч б’е ўласныя манеты. Добра вядомы на Русі таго часу цвярскія гарматнікі. Цвярскія купцы гандлявалі з гарадамі балтыйскага ўзбярэжжа, Каўказа, Блізкага Усходу і Сярэдняй Азіі. Найбольш вядомы з іх — Афанасій Нікіцін, які ў 1466—1472 гадах здзейсніў падарожжа ў Індыю. Найбольшы ўздым адбываецца пры князю Барысе Аляксандравічы.

Аднак пры вялікі князі маскоўскім Іване ІІІ Масква ўзмацнілася, вызвалілася ад ардынскай залежнасці і захапіла землі Ноўгарада. Пры вялікім князю цвярскім Міхаіле Барысавічы (1461—1485), які спрабаваў захаваць незалежнасць Цвяры з апорай на Вялікае Княства Літоўскае, адбываўся хуткі заняпад цвярской дзяржаўнасці. Спачатку Масква схіліла на свой бок частку цвярскіх баяр, а ў верасні 1485 года войскі Івана ІІІ аблажылі Цвер. Польскі кароль і вялікі князь літоўскі Казімір, нягледзячы на саюзныя абавязкі паводле дамоў 1449 і 1484 гадоў, не аказаў дзейснай падтрымкі Цвяры, што перадвырашыла далучэнне яе Маскоўскай дзяржавы. Праз некалькі дзён цвярскія баяры адкрыта перайшлі на бок Масквы, цвярскі князь Міхаіл Барысавіч з невялікай дружынай збег у Вялікае Княства Літоўскае, а яго маці, княгіню Настассю ўзялі ў палон і адвезлі ў Маскву. Ліквідацыя самага моцнага сярод рускіх княстваў гістарычнага канкурэнта Масквы дала ёй магчымасць пачаць адкрытае змаганне з Вялікім Княствам Літоўскім.